День памяти воинов-интернационалистов
  1. Главная
  2. Новости
  3. День памяти воинов-интернационалистов

День памяти воинов-интернационалистов

Той незабыўны посвіст куль…

Час няспынна бяжыць наперад, застаюцца ў мінулым і радасныя, і трагічныя падзеі. Вайна назаўсёды пакідае рубцы на сэрцах тых, каму выпала ваяваць. Колькі б гадоў ні мінула, успаміны трывожаць душу: нібы зноў у руках зброя, а навокал свісцяць кулі. Менавіта такія малюнкі ўзнікалі перад вачыма, калі вяла размову з прадстаўніком зусім мірнай прафесіі – лесніком Лёзненскага вопытна вытворчага лясніцтва І.М.Краўцовым. Сур’ёзны, валявы твар Івана Міхайлавіча выдае ў ім бывалага чалавека, які прайшоў праз выпрабаванні і нямала папрацаваў. У маладыя гады прыйшлося на асабістым вопыце зведаць, што такое вайна. Уяўленні дзяцінства аб ёй складаліся па аповедах школьных настаўнікаў, дзядулю ж , удзельніка Вялікай Айчыннай не паспеў распытаць, бо той памёр, калі хлопчыку было толькі 3 гады. Гераічнае і жудаснае вайны паўстала перад ім падчас абавязковай службы ў арміі. У свеце было тады неспакойна. На тэрыторыі рэспублікі Афганістан ішлі баявыя дзеянні. Навабранец І.М.Краўцоў якраз трапіў у тую гарачую кропку.
- Прызвалі нас 30 кастрычніка 1983 года, -успамінае Іван Міхайлавіч, - і адразу адправілі ў “вучэбку” Туркестанскай ваеннай акругі , у Ашхабад, дзе прабылі 4 месяцы. Затым – у Кабул. Калі ляцелі туды, стала вядома, што збілі самалёт з “дэмбелямі”, якія вярталіся дадому. Таму пасадку нам забаранілі, дабраліся на месца другім рэйсам. З Кабула грузавым верталётам нашу групу даставілі да Джэлалабада, пасля расфарміравалі каго куды. Я апынуўся ў другім батальёне ў горадзе Асадабад, што ў 110 кіламетрах ад Джэлалабада, на самай мяжы з Пакістанам.
Бацькі Івана доўга не ведалі, дзе ён і што з ім. Калі атрымалі доўгачаканы ліст, па штэмпелі вызначылі, і з той хвіліны дні іх напоўніліся асаблівай трывогай чакання. А малодшы сяржант Краўцоў нёс службу ў мотапяхотным падраздзяленні, і яму разам з іншымі байцамі прыходзілася абараняць калоны савецкіх войск.
- Крыху паваявалі, - працягвае расказваць мужчына. – У фільмах шмат паказваюць, але ўсвядоміць, што гэта такое, можна толькі там. Ты страляеш, у цябе страляюць… Адчуваеш, што б’юць зусім побач, кулі свісцяць , а часам здаецца, што над галавою гудзяць раі пчол. Небяспека вось – вось накрые… Але прагудзела – значыць праляцела міма.
Пераадольваць выпрабаванні, па словах былога вайскоўца, дапамагала баявое братэрства. Стаялі адзін за аднаго. Згуртаванасць, узаемавыручка, думка, што цябе заўсёды падтрымаюць, прыкрыюць. Інакш нельга. Лёс распарадзіўся так, што салдат вярнуўся дадому жывы і не паранены. У роднай вёсцы свайго героя сустракалі мама Ніна Фёдараўна, татка Міхаіл Якаўлевіч і трое малодшых братоў . Іван уладкаваўся ў мясцовы калгас імя Фрунзэ інжэнерам-электрыкам (спецыяльнасць атрымаў у Гарадоцкім сяльгастэхнікуме яшчэ да арміі), там жа ветурачом рабіў бацька , а маці – даяркай. У калгас на сезонныя работы прыязджалі тады дапамагаць брыгады украінцаў. Сярод іх хлопец выгледзеў сабе нявесту Галіну, з якой стварыў сямью. Калі калгаса не стала, І.М.Краўцоў падаўся ў леснікі , на гэтай пасадзе ўжо 17 гадоў. Зараз пад яго началам 2 абходы аб’емам 1300 і 600 гектараў. Да сваіх абавязкаў адносіцца з адказнасцю, справу гэту, як кажа, палюбіў. Жонка ж – мясцовы паштальён. Краўцовы разам 32 гады, вырасцілі дваіх дзяцей. Яўген зараз жыве ў Лёзне і працуе вадзіцелем райгаза, Ірына - заатэхнікам У СФ”Кляўцы”, а на дадзены момант гадуе маленькую дачушку Ніколь, і хутка 10 месяцаў, як Іван Міхайлавіч і Галіна Мікалаеўна сталі дзядулем і бабуляй.
Сям’я, родная сэрцу вёска, хатняя гаспадарка, праца на ўлонні прыроды, адпачынак з вудаю на рэчцы, ціхае мірнае жыццё – ці не тое, што патрэбна чалавеку, каб радавацца і быць шчаслівым? Вось толькі ніколі не забыць былому воіну- інтэрнацыяналісту таго далёкага посвісту варожых куль.


Таццяна Ігнаценка,
211221, г.п. Лиозно,
ул. Курортная, д. 31
Пн-пт с 8:00 до 17:00
(перерыв с 13:00 до 14:00)