Лес – яго стыхія
  1. Главная
  2. Новости
  3. Лес – яго стыхія

Лес – яго стыхія

У Дабрамыслінскім лясніцтве 28 гадоў працуе лесніком сціплы, вельмі адказны, з абвостраным пачуццём справядлівасці чалавек – Сяргей Рыгоравіч Сахно. 7 чэрвеня ён адзначыў 66-ы дзень нараджэння і абвясціў калегам, што збіраецца пайсці ўжо на заслужаны адпачынак. У калектыве паважаюць, цэняць стараннага працаўніка, які добра валодае лясной справай, ведае, можна сказаць, кожны куток з 1363 гектараў лесу ў сваім абходзе №7. Адміністрацыя прапануе яму прадоўжыць кантракт

–Шкада раставацца з такім добрым работнікам, – у адзін голас кажуць бухгалтар Г.П. Смольская і майстар лесу М.А. Сімчанкова. – Талковы, надзейны, дакладны. Пагаварыць з ім заўсёды прыемна. І адразу відаць, што да прыроды пачуццё мае.

Так, сапраўды, па словах самога Сяргея Рыгоравіча, лес ён любіць з дзяцінства. На працягу ўсёй размовы некалькі разоў прыгадаў сасновыя бары ля Прыпяці, дзе часта бываў, калі жыў у горадзе Нароўля, што на Гомельшчыне. Са смуткам у голасе расказваў мужчына аб дарагой сэрцу малой радзіме, якую накрыла небяспечная хваля Чарнобыля. Там вырас, скончыў школу. У арміі давялося служыць у Архангельску. Быў там вадзіцелем, і пасля дэмабілізацыі яшчэ некаторы час круціў баранку, затым перайшоў манцёрам у сувязь. Займеў сям’ю. Жонка Галіна Васільеўна працавала на кандытарскай фабрыцы “Чырвоны мазыранін”.

Калі на АЭС здарылася аварыя, С.Р. Сахно працягваў наладжваць сувязь на рачных суднах. Па Прыпяці ішлі і ішлі тады баржы з пяском і шчэбенем да станцыі для ліквідацыі вынікаў выбуху. Неабходна было забяспечваць іх бесперабойны рух. У забруджанай радыяцыяй зоне Сяргей Рыгоравіч адпрацаваў 4 гады. Мае статус ліквідатара.

– Чарнобыль перайначыў усё, – гаворыць мой суразмоўца. – У 1989-м нарадзілася дачка Анечка. Тады мы з жонкай вырашылі ехаць з зоны. А суседзі па лесвічнай пляцоўцы Бахмацкія пазвалі нас на Лёзненшчыну, куды перабраліся крыху раней. У Дабрамыслях нам спадабалася. Месца лясное, вакол – гаючыя сосны. Спачатку ўладкаваўся ў ПМК, а затым перайшоў у лясніцтва, дзе, можна сказаць, знайшоў сябе. Больш ні аб якой працы не падумаў ні разу. Лес – мая стыхія. Уваходжу ў яго як у храм. Прыгажосць, якая заварожвае і не перастае здзіўляць. Хор птушыных галасоў. Нечаканыя сустрэчы з іншымі насельнікамі лясных нетраў. З людзьмі адносіны добрыя. Чаго яшчэ жадаць? Але час бяжыць. Хочацца больш увагі ўдзяліць сям’і.

Жывуць Сахно ў катэджы, маюць прысядзібную гаспадарку. Галіна Васільеўна ўжо на пенсіі, яна з’яўляецца старастай прыходу мясцовай царквы. Разам з імі на сённяшні дзень пражывае дачка Ганна. Яна псіхолаг Дабрамыслінскай СШ, зараз у дэкрэтным адпачынку. Зяць Д.В. Карчагін працуе ў службе “Белтэлекам”. Як шматдзетным, ім прадаставілі кватэру ў райцэнтры, якую трэба яшчэ давесці да ладу. Таму бабулі і дзядулю весела ў доме з трыма ўнукамі: трэцякласнікам Колем, першакласніцай Лізай і маленькай Каралінай.

– Жыць па справядлівасці, добра працаваць, быць добразычлівым да іншых – у гэтым галоўнае прызначэнне чалавека. Толькі б не было ніякай бяды, – дабавіў Сяргей Рыгоравіч напрыканцы размовы.

Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Фота аўтара.
211221, г.п. Лиозно,
ул. Курортная, д. 31
Пн-пт с 8:00 до 17:00
(перерыв с 13:00 до 14:00)