Гармонія мастацтва і прыроды
  1. Главная
  2. Новости
  3. Гармонія мастацтва і прыроды

Гармонія мастацтва і прыроды

5 июля 2021
121

З пачатку гэтага тыдня на Лёзненшчыне праводзяць пленэр “Чатыры сезоны. Лета- 2021” сябры міжнароднага грамадскага аб’яднання “ Еўразійская мастацкая садружнасць”. Удзельнікі прыехалі да нас з розных куткоў Беларусі. Іх гасцінна прыняў Дом паляўнічага Лёзненскага лясгаса , што пад Дабрамыслямі. На ўлонні прыроды мастакі ствараюць эцюды і карціны, ў якіх адлюстроўваюць мясцовыя краявіды.

Творчы праект рэалізуецца з мінулага года. І гэта ўжо чацвёрты па ліку пленэр.

– Першы правялі летам на тэрыторыі Смалявіцкага лясгаса, – расказвае старшыня Еўразійскай мастацкай садружнасці мастачка са Смалявічаў Юлія Нявейка. – Дырэктар прадпрыемства Андрэй Пышны запрасіў нас прыязджаць яшчэ. І мы скарысталі такую магчымасць узімку. Падумалі , чаму б не выязджаць у розныя поры года. Так з’явілася назва праекта “Чатыры сезоны”. Пачалі звяртацца ў іншыя лясныя гаспадаркі . Было вельмі прыемна, што і дырэктар Чэрвеньскага лясгаса нас падтрымаў. Там адбыўся трэці пленэр. Цяпер вось пішам карціны ў маляўнічых кутках Дабрамысляў і Лёзна. Дзякуй вялікі дырэктару мясцовага лясгаса Канстанціну Леанідавічу Пышнаму і яго намесніку Юліі Аляксандраўне Дземянцей за цёплы прыём. У Доме паляўнічага выдатныя ўмовы і для творчасці, і для адпачынку: утульныя спальныя пакоі, лазня, альтанкі, дзе можна падрыхтаваць палотны да работы і размясціць эцюды. Побач возера з квітнеючымі лілеямі. Можна пры жаданні налавіць рыбы і зварыць юшку. А прыгожыя краявіды натхняюць і радуюць. Надвор’е таксама спрыяе. Думаю, да канца тыдня мы завяршым задуманае і зможам прыпаднесці некалькі работ у якасці падарункаў лясгасу.

Амаль усе ўдзельнікі пленэру вучыліся на мастацка-графічным факультэце ў Віцебску і пабывалі ў студэнцкія гады шмат дзе, але на Лёзненшчыне ўпершыню. На пытанне, ці адчуваецца уздзеянне асобы Марка Шагала, чыё жыцце звязана з лёзненскім краем, мастачка са Слуцку Ганефа Мацюшэнкава сказала:

– Калі басанож ступаеш на зямлю, такое пачуццё, што яна свая, родная. Узнікае еднасць з ёю. Думаю, тут засталася энергетыка Шагала – у нябесным прасторы і наваколлі. Мяне ўражвае насычана сіні колер у яго карцінах. Пэўна, браў яго ў нябёсаў. Наогул лічу, што вучыцца трэба ў прыроды.

Сярод удзельнікаў сямейная пара мастакоў-педагогаў Таццяны і Віктара Лук’ян з Ліды, віцяблянка Ганна Карасёва, студэнт апошняга курса МГФ універсітэта імя Машэрава Дзмітрый Кузьміч з Бярозы.

Мінчанка Юлія Коба – заснавальнік Арт-студыі для дарослых і дзяцей “ОХРА”, удзельніца і намінант выстаў і конкурсаў, у тым ліку міжнародных, член рагіянальнай грамадскай арганізацыі “Творчая садружнасць” Еўразійскі мастацкі саюз” (г.Масква) гаворыць:

– Дабрамыслі ахуталі мяне добрымі думкамі, лірычным настроем і наталілі цудоўным сасновым пахам. Я закахалася ў гэтае возера, лес, паветра. Пісаць хочацца шмат, але не стае часу на ўсё.

Падзялілася ўражаннямі і Дыяна Горбач – кіраўнік студыі эксперыментальнага жывапісу і акварэлі “Арт-Пойнт” у Мінску, мастак-акварэліст, пераможца шматлікіх замежных конкурсаў:

– Белыя лілеі, карабельныя сосны, ранішнія туманы і бурштын вады… Немагчыма наглядзецца. Ці бачаць такую прыгажосць мясцовыя жыхары, прывычныя да ўсяго гэтага?

211221, г.п. Лиозно,
ул. Курортная, д. 31
Пн-пт с 8:00 до 17:00
(перерыв с 13:00 до 14:00)
+375 (2138) 5-03-40
Директор