Пад прыцэлам фотакамеры
  1. Главная
  2. Новости
  3. Пад прыцэлам фотакамеры

Пад прыцэлам фотакамеры

12 июля 2021
110

У Беларусi набiрае папулярнасць зялёны фотатурызм. У Налiбоцкай пушчы, напрыклад, можна адправiцца на фотапаляванне на казулю, убачыць у аб'ектыве больш за 160 вiдаў птушак, а ў Вiлейскiм i iншых раёнах распрацоўваюць фотатуры на насельнiкаў дзiкай прыроды.


Валанцёры праекта ECOhunt.

Мы папрасiлi спецыялiстаў УП «Белдзяржпаляванне» ўзяць нас на мiнi-трэнiнг па фотапаляваннi. Праект ECOhunt (у перакладзе з англiйскай мовы — «экапаляванне») — гэта новы ўнiкальны праект па вывучэннi i фармiраваннi фотатураў. Ён створаны на базе прадпрыемства i арыентаваны на шырокую грамадскасць як на ўнутраным турыстычным рынку, так i на замежных падарожнiкаў. Карэспандэнты «Р» адправiлiся з натуралiстамi ў маляўнiчую вёску Хаценчыцы на Вiлейшчыне, захапiўшы бiноклi i абсталяванне з якаснай оптыкай. Ляснымi Сусанiнымi выступiлi будучыя фотапаляўнiчыя — студэнты i навучэнцы каледжаў. Захопленыя тэмай хлопцы ў камуфляжы — вучнi прафесiйнага паляўнiчага i фатографа дзiкай прыроды Вiктара Казлоўскага. У хуткiм часе яны самi будуць праводзiць фотатуры для першых турыстаў.

Фота-арт i рызыка

Шмат хто памятае, як паштальён Печкiн з мультфiльма прасiў Шарыка не страляць у яго з фотаружжа. Не ведаў персанаж Успенскага, што паляванне з фотакамерай на жывёл — гуманнае i вельмi цiкавае мерапрыемства. Са «зброi» — толькi фотаапарат. Фотапаляўнiчы гатовы гадзiнамi i нават суткамi выглядваць лiсу, аленя, дзiка або птушку, каб зрабiць яркi здымак. Група маладых валанцёраў ужо зрабiла некалькi пазнавальных вылазак на прыроду пад кiраўнiцтвам вопытнага настаўнiка.

Вечарэе. Спякотны дзень змяняецца навальнiчнымi хмарамi. Пакуль не лiнуў дожджык, крочым у спецыяльна падрыхтаваную натуралiстамi «засiдку» ў радыусе 30 метраў ад лiсiнай нары. Пасля дзевяцi гадзiн вечара рыжая хiтруха i яе лiсяняты могуць паказацца i трапiць у аб'ектыў. Сховiшча было выкапана так, каб звярок не ўчуў чалавека.

Вiктар Казлоўскi — вельмi добры суразмоўца, старшыня клуба фатографаў дзiкай прыроды. Па дарозе да нашага месца агляду прызнаўся: «Фотапаляванне — маё даўняе захапленне». Пра насельнiкаў лесу ён можа гаварыць бясконца. У яго архiве — сотнi фатаграфiй.

— Нарадзiўся я пад Гродна ў рабочай сям'i. Па заклiку душы стаў фанатам лесу: да пачатку ўрокаў школьнiкам бегаў за пяць кiламетраў у гушчар «лавiць» звяроў са звычайнай «Зменай», а ў 10-м класе абзавёўся дарагiмi на той час «Зенiтам» i аб'ектывам. Ездзiў у Мiнск на станцыю юных натуралiстаў, на базе якой стварылi лясную акадэмiю для прафарыентацыi школьнiкаў. I, дарэчы, стаў яе першым выпускнiком. Удзельнiчаў у зборах Негарэльскага лясгаса, якi з'яўляўся базай практыкi для БДТУ, дзе потым вучыўся. Пасля заканчэння ВНУ з 1980-х гадоў працаваў iнжынерам лясной гаспадаркi. Да лесу таксама маюць дачыненне брат, жонка i дзецi, — распавёў Вiктар Iосiфавiч.

Удзельнiкi праекта з цiкавасцю асвойваюць навыкi фотапалявання. Аляксандр Сацута, якi вывучае турызм i прыродакарыстанне ў БДТУ, падзялiўся сваiмi нядаўнiмi трафеямi:

— Да гэтага паходу ў лес Вiктар Iосiфавiч паказаў мне недалёка ад сваёй хаты месца, дзе ўпала гняздо буслоў. Аднаму бусляняцi выратавацца не ўдалося, а для iншых птушанятак збудавалi на слупах новы дом. Падняўся па лесвiцы i зрабiў некалькi фотаздымкаў тых малых, якiя выжылi. Не перадаць словамi ўсiх эмоцый ад блiзкай сустрэчы з жывой прыродай!


Фотапаляванне на малых буслянят у вёсцы Хаценчыцы.

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта фiзiчнай культуры Варвара Савянок у захапленнi ад новага хобi. Клопат аб экалогii — галоўны матыў яе шматгадзiнных хованак у лесе з фотакамерай:

— Нiколi не разумела, навошта забiваць жывёл. Яны ж — увасабленне сiлы i хараства дзiкай прыроды. Плюс гэта вельмi прыгожа! Таму я пайшла ў ECOhunt. Хачу i надалей развiвацца ў гэтым напрамку: фатаграфаваць, не парушаючы цэласнасць свету жывёл.

Трохi аб вытрымцы

Спякота крыху спала, але сямейка драпежнiцы-лiсы не спяшае паказвацца. Дзесьцi ўдалечынi цiшыню раптам пранiзвае рэха матора трымера. А зялёныя папарацы хочуць сустрэць звярка, бо яго нара — жылая. Кiраўнiк групы бачыў сляды параненага дзiкага голуба, якога хвастатая зацягнула ў сваю нару.

Такое мерапрыемства патрабуе вытрымкi, якой я, напрыклад, пасля атакi камароў пахвалiцца не магу. Не думала, што сядзець некалькi гадзiн запар нерухома i моўчкi з цяжкiм абсталяваннем на шыi будзе настолькi няпроста. Амаль дзесяць вечара. Стамiўся i фотакарэспандэнт. Шэптам канстатуем: «Здаёмся!» А бадзёрыя дзяўчаты з групы фотапаляўнiчых пытаюцца: «Гатовы на свiтаннi сюды вярнуцца?» Кiваем: «А як жа!» Любоў Стралковiч, навучэнка Навапольскага аграрна-эканамiчнага каледжа, бачыць наш настрой i падбадзёрвае:

— Многiя навiчкi злёгку расчароўваюцца пасля пiлотнага фотапалявання, але з часам разумеюць: тут неверагодны азарт, сапраўдныя прыгоды. Нiколi не ведаеш, што цябе чакае, якой будзе сустрэча з жывёлай або птушкай. Знайсцi ў лесе звярка i ўсёй душой далучыцца да працэсу палявання — гэта куды складаней, чым звычайнае паляванне. Паспрабуй падыдзi да жывёлы на дзесяць метраў i ўдала сфатаграфуй яго…

Вяртаемся на стаянку, каб адпачыць i набрацца сiл. Хлопцы разбiваюць палатачны лагер. Трэба нi свет нi зара ўставаць. Вiктар Казлоўскi частуе перад сном усю групу сваiм фiрменным мёдам. Шматгадовае пчалярства — яшчэ адно сур'ёзнае захапленне творчай натуры. Ён кажа, што ў гэтым годзе ўжо сабраў каля паўтоны карыснага салодкага нектару. Iосiфавiч — хадзячая энцыклапедыя па разнастайных пытаннях сельскага жыцця: захоўвае ў тэлефоне багатую калекцыю трэляў птушак, гукаў насякомых i жывёл. Маю знаходку — фотаздымак велiзарнай мядзведкi — ён суправадзiў цiкавым расказам пра начныя песнi гэтага цвыркуна, паказаў iх у запiсе.

«Добрай ранiцы, лiсiца!»

Ранiцай група хлопцаў падзялiлася на дзве падгрупы i адправiлася на розныя аглядныя пляцоўкi. Наш атрад узначалiў валанцёр Аляксандр Сацута. Тры гадзiны ў «засiдцы» — i тыя ўпустую: цi то лiсiца ўчула няпрошаных гасцей, цi то ўжо адправiлася за правiзiяй для лiсянят. Вяртаемся ў лагер. Раптам Наталля Фiлiмончык, кiраўнiк праекта ECOhunt, падскочыла: «Глядзiце!» Рыжая лiсiца бегла прама па полi i, убачыўшы нас, у здзiўленнi прыпынiлася за 20 метраў ад нашай машыны. Вось гэта сустрэча! Аляксандр Сацута спусцiў курок фотаружжа:

— Убачыць дзiкую лiсу ў полi — гэта неверагодна, а для ўсiх нас — выдатны падарунак перад завяршэннем падарожжа. Значыць, усю працу нездарма рабiлi.


Вось дык знаходка — дзiкая лiсiца ў полi!

Дарэчы, перад тым як выйсцi на экасцежку, будучыя фотапаляўнiчыя праходзяць тэарэтычную падрыхтоўку на лекцыях УП «Белдзяржпаляванне», вывучаюць будову i звычкi лясных насельнiкаў, даведваюцца, як спяваюць рэдкiя птушкi, а галоўнае, умеюць аказваць першую медыцынскую дапамогу ў няштатных сiтуацыях (пры ўкусах змей, насякомых i г.д.).

Цiкаўлюся напрыканцы ў Наталлi Фiлiмончык, якой «зброяй» у асноўным карыстаюцца фотапаляўнiчыя:

— На паляванне турысты i нашы валанцёры бяруць свае «фотапушкi», i гэта неабавязкова павiнна быць прафесiйная тэхнiка. Зрабiць добры здымак сёння магчыма i камерай на тэлефоне. Па меры развiцця напрамку па фотатурах прадпрыемства арганiзуе пракат неабходнага абсталявання. На самай справе важнае значэнне маюць драйв i азарт фотапалявання. Мэта нашага праекта — папулярызаваць i развiць фотатурызм дзiкай прыроды сярод моладзi i дарослых. Крэатыўная моладзь можа ўнесцi новы подых у сферу экалагiчнага турызму. Заслужаных фотапаляўнiчых у Беларусi няшмат, i мы вельмi рады, што наша арганiзацыя аб'яднала вакол сябе групу аматараў дзiкай прыроды.

shimuk@sb.by

211221, г.п. Лиозно,
ул. Курортная, д. 31
Пн-пт с 8:00 до 17:00
(перерыв с 13:00 до 14:00)
+375 (2138) 5-03-40
Директор